ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча, А.І.Паддужнага (1973).
Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.В.Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.П.Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.Я.Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.А.Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.
Літ.:
Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.
В.К.Шчэрбін.
т. 6, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)